СТАРАДАРО́ЖСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1990, адкрыты ў 1999 у г. старыя Дарогі Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 500 м², звыш 3 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Аснову калекцыі складае асабісты збор калекцыянера А.​Я.​Белага (творы мастакоў Г.​Вашчанкі, А.​Лось, А.​Марачкіна, В.​Цвіркі, Г. і Я. Ціхановічаў, Л.​Шчамялёва; скульптараў С.​Вакара, У.​Летуна, А.​Шатэрніка і інш.). Сярод экспанатаў: партрэты дзеячаў нац. культуры і інш. знакамітых асоб Беларусі (Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, М.​Гусоўскага, Т.​Касцюшкі, К.​Каліноўскага, С.​Буднага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Цёткі, Ядвігіна Ш., Я.​Лучыны, І. і А. Луцкевічаў, В.​Ластоўскага, К.​Каганца, Л.​Геніюш і інш.); каля 100 твораў, прысвечаных Ф.​Скарыне, больш за 100 партрэтаў полацкіх князёў, вял. князёў і дзярж. дзеячаў ВКЛ (Усяслава Брачыславіча, Віценя, Гедзіміна, Альгерда, Кейстута, Ягайлы, Жыгімонта I Старога, князёў Алелькавічаў, Радзівілаў, Храптовічаў і інш.); 70 палотнаў, прысвечаных паўстанню 1863—64; партрэты дзеячаў бел. замежжа (М.​Забэйды-Суміцкага, Я.​Запрудніка, З. і Я. Кіпеляў, Б.​Кіта, А.​Надсона і інш.), сучасных дзеячаў нац. бел. гісторыі, культуры і мастацтва; радаводы князёў Беларусі; графічныя работы мастакоў М. і У. Басалыгаў, А.​Кашкурэвіча, М.​Купавы, М.​Селешчука і інш. да твораў А.​Адамовіча, В.​Быкава, М.​Гусоўскага, У.​Караткевіча, А.​Лойкі, І.​В.​Гётэ; плакаты бел. мастакоў; вырабы разьбы па дрэве; збор медальернага і дэкар.-прыкладнога мастацтваў, вышыванкі. Каля будынка музея ўстаноўлены помнікі А.​Багдановічу, М.​Багдановічу, А.​Бярозку, Л.​Геніюш, М.​Улашчыку, у гонар Грунвальдскай бітвы 1410.

А.​І.​Валахановіч.

т. 15, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)